Здароваму харчаванню трэба вучыцца. Будзем рабіць гэта з дапамогай загадчыцы лабараторыі комплексных праблем гігіены харчовых прадуктаў Навукова-практычнага цэнтра гігіены, кандыдата медыцынскіх навук Алы БАНДАРУК.
Сёння жыццё ў некаторых краінах немагчыма ўявіць без кубка кавы. Больш за іншых каву п'юць шведы, фіны, нарвежцы — паўночныя народы.
Натуральная смажаная кава змяшчае каля 30 працэнтаў экстраактыўных рэчываў, якія распускаюцца ў гарачай вадзе і ствараюць такім чынам густы напой са спецыфічным водарам. Кафеін — адно з галоўных рэчываў кавы — аказвае ўзбуджальнае дзеянне на цэнтральную нервовую сістэму (стымулюе працаздольнасць) і на сардэчна-сасудзістую сістэму (павышае частату і сілу сардэчных скарачэнняў).
Штодзённая доза не павінна перавышаць 2-3 кубкі ў дзень. Ідэальна ўжываць абсалютна свежую каву. Не больш за 1 чайную лыжку на 1 шклянку вады, у першай палове дня і не нашча. Умеранае ўжыванне кавы нават карыснае.
Станоўчыя ўласцівасці:
пазбаўленне кволасці і санлівасці;
павышэнне трываласці, перамаганне стомленасці;
— пры гіпатаніі 1-2 кубкі паляпшаюць самаадчуванне.
Адмоўныя ўласцівасці:
узмоцненае сэрцабіццё. Гэта неабходна ўлічваць людзям з парушэннямі рытму сэрца (тахікардыяй, арытміяй, экстрасісталіяй);
павышае ціск (напой не рэкамендуецца людзям з артэрыяльнай гіпертэнзіяй);
нельга ўжываць нашча пры павышанай кіслотнасці страўнікавага соку, язве страўніка і дванаццаціперснай кішкі, хваробах стрававальнага тракту (неабходна спачатку нешта з'есці або разбавіць каву малаком).
лепей не ўжываць пасля грунтоўнай ежы (як і наогул любую вадкасць);
выклікае прывыканне (калі пры рэгулярным ужыванні адмовіцца ад напою, то праз 18 гадзін з'яўляюцца сімптомы так званай «кававай абстыненцыі» — галаўны боль, слабасць, лёгкі боль у мышцах, раздражняльнасць, сэрцабіццё, парушэнне сну, павышанае выдзяленне мачы, хоць звычайна сімптомы знікаюць на працягу сутак).
Корань цыкорыю выкарыстоўваюць для прыгатавання кававых напояў разам з зернем кавы, а таксама ён з'яўляецца асноўным яе заменнікам. Высушаныя і абсмажаныя карані цыкорыю значна паляпшаюць смак натуральнай кавы.
Растваральны цыкорый, які прымяняюць для прыгатавання напою, вырабляюць з абсмажанага кораня. Як напой цыкорый мае крыху гаркаваты насычаны смак, падобны на смак кавы ці какавы. Калі дадаць малако і цукар, то гэтае падабенства стане яшчэ больш заўважным.
Карысныя ўласцівасці:
Замяняючы цыкорыевым напоем хаця б кожны другі кубак кавы, можна істотна знізіць штодзённую дозу кафеіну.
Змяшчае 40-60 працэнтаў карыснага інуліну — разнавіднасці клятчаткі, якая спрыяльна ўплывае на стрававальную сістэму і дапамагае знізіць узровень халестэрыну.
Корань багаты на вітамін С, пекцін, вітаміны групы В (B1, B2, B3), смолы, макра- і мікраэлементы (К, Na, Ca, Mg, Fe, Р і інш.), карацін, арганічныя кіслоты, бялковыя і дубільныя рэчывы. Дзякуючы гэтаму напоі з цыкорыю застаюцца выдатным агульнаўмацавальным сродкам.
Першапачаткова мае крыху саладкаваты смак, які робіць напой мяккім, таму можна нават не дадаваць цукар — абысціся малаком і, напрыклад, чайнай лыжкай мёду.
Размова ідзе пра ўнікальны прадукт, здольны замяніць нам каву раніцай і надаць бадзёрасці на ўвесь дзень.
Як і з любым іншым напоем, цыкорыем не варта празмерна захапляцца. Калі вы — прыхільнік здаровага ладу жыцця, значыць, ведаеце, што лепшы сябар здароўя — разнастайнасць.
Чытаць на сайце: http://www.zviazda.by/be/news/20140806/1407276011-kava-i-cykoryy-hto-kago