Малако і малочныя прадукты нездарма адносяць да прадуктаў высокай харчовай, біялагічнай і дыеталагічнай важнасці. Усё ж такі размова ідзе пра больш як сотню каштоўных кампанентаў, усе неабходныя для жыццядзейнасці арганізма рэчывы: бялкі, тлушчы, вугляводы, мінеральныя солі, вітаміны. Гэтыя кампаненты добра збалансаваны, дзякуючы чаму лёгка засвойваюцца. Асабліва карыснае малочнае дзецям, цяжарным, кормячым жанчынам і пажылым людзям.
— Каштоўнасць малака заключаецца ў аптымальнай збалансаванасці яго кампанентаў, лёгкай засваяльнасці і актыўным выкарыстанні арганізмам для сваіх патрэб, — тлумачыць загадчыца лабараторыі комплексных праблем гігіены харчовых прадуктаў РНПЦ гігіены, кандыдат медыцынскіх навук Ала БАНДАРУК. — Малочныя прадукты даюць нам энергію, удзельнічаюць у «будаўніцтве» клетак і тканак, у абменных працэсах. Бялкі малака змяшчаюць незаменныя амінакіслоты (трыптафан, лізін, метыянін, лецыцін і інш). Засваяльнасць малочных бялкоў надзвычай высокая — 98 працэнтаў. Бялкі малака рэгулююць тлушчавы абмен, дапамагаюць засваенню іншых бялкоў. Малочны бялок, як вядома, абараняе арганізм і ад атрутных рэчываў. Лактоза, або малочны цукар, з'яўляецца крыніцай энергіі для біяхімічных працэсаў у арганізме, спрыяе засваенню кальцыю, фосфару, магнію, барыю...
МАЛАКО
• Кальцый адыгрывае важную ролю ў складаных клетачных працэсах, вынікам якіх з'яўляецца работа мышцаў. Таксама кальцый рэгулюе сардэчны рытм. Калі гэтага мінералу не хапае ў першыя 20-30 гадоў жыцця, то гэта самым адмоўным чынам адбіваецца на постаці, павялічвае рызыку пераломаў.
• У малацэ гарманічна збалансаваныя вітаміны А, В2, D, карацін, халін, токаферол, тыямін і аскарбінавая кіслата.
• Незаменны прадукт пры страўнікава-кішачных, сардэчна-сасудзістых захворваннях, хваробах печані, нырак, цукровым дыябеце, атлусценні, вострым гастрыце.
• Малако нармалізуе ўзровень халестэрыну.
• Малако спрыяе стварэнню кіслага асяроддзя ў кішачным тракце і прыгнятае там шкодную мікрафлору.
• Рэкамендуецца для штодзённага ўжывання ў якасці часткі збалансаванай дыеты для павелічэння працягласці жыцця.
• З грудным малаком дзеці першага года жыцця атрымліваюць амінакіслоты, неабходныя для нармальнага росту і развіцця арганізма.
• Супрацьпаказаннем да ўжывання малака з'яўляецца яго непераноснасць. Калі такога не назіраецца, то можна ўжываць да 500 г малака (кефіру, кумысу або сыраквашы),
20 г смятаны і 100 г тварагу за дзень.
КІСЛАМАЛОЧНЫЯ ПРАДУКТЫ
— У якасці заквасак выкарыстоўваюцца чыстыя культуры малочнакіслых бактэрый (малочнакіслых стрэптакокаў, балгарскай і ацыдафільнай палачак і інш.), — кажа Ала Бандарук. — Па спосабе гатавання кісламалочныя прадукты дзеляцца на тыя, што атрымліваюцца ў выніку толькі малочнакіслага браджэння, і тыя, што атрымліваюцца ў выніку браджэння змешанага — малочнакіслага і спіртавога. Да першай групы адносяцца звычайная і мечнікаўская сыракваша, ражанка, ацыдафільнае малако. Яны валодаюць кісламалочным смакам, аднароднай кансістэнцыяй. Да другой групы адносіцца кефір, кумыс, ацыдафільна-дражджавое малако. Гэтыя напоі валодаюць больш вострым кісламалочным смакам (з-за невялікай колькасці спірту і вуглякіслага газу), што надае асвяжальны эфект, а кансістэнцыю робіць неаднароднай, з дробнымі бурбалкамі газу...
• Малочнакіслыя палачкі (напрыклад, ацыдафільная і балгарская), а таксама дрожджы ўтвараюць антыбіётыкі, якія ўздзейнічаюць на кішэчную, паратыфозную, тыфозную, дызентэрыйную і туберкулёзную палачкі, а таксама на гніласныя мікраарганізмы.
• Кісламалочныя напоі, дзякуючы малочнай кіслаце і вуглякісламу газу, паляпшаюць апетыт, перамагаюць смагу, павышаюць выдзяленне страўнікавага соку, узмацняюць перыстальтыку, паляпшаюць работу нырак, перадаюць арганізму шэраг каштоўных рэчываў, у тым ліку кальцый.
Святлана БАРЫСЕНКА.
Чытать на сайце: http://zviazda.by/be/news/20140613/1402691904-usya-moc-acydafilnay-palachki